У Віцебску прапануюць у сцюжу пакатацца на адкрытых атракцыёнах

Тым, хто баіцца замерзнуць, прапануюць посцілкі.

Тыдні са два жыхары Віцебску з неўразуменнем разглядаюць тое, што робіцца на новай плошчы Перамогі. На тым месцы, дзе быў стары парк, а цяпер зрабілі голае поле, усталёўваюць... каруселі. Чэшскі Луна-парк, што кожны год ўлетку месціцца на вялізнай пустцы паміж двума спальнымі мікрараёнамі, разгортваецца пад трэск снежаньскіх марозаў.

Рабочыя-чэхі хмурыя ды злыя. Атракцыёны яны то ўсталёўваюць, то зноў грузяць у спецыяльныя кантэйнеры. З Луна-паркам праблемы: то электрычнасць не падключаецца, то гарадскія ўлады пачынаюць капрызіць: гэты атракцыён няхай застаецца, а вунь таго не трэба.

Урэшце на плошчы павінны застацца з дзясятак атракцыёнаў. Пакой страху, каруселі, для самых маленькіх – паравозік са стракатымі вагончыкамі, для экстрэмалаў – “лава бясстрашных”. Але, здаецца, катанне не толькі на гэтым атракцыёне, а і на ўсіх будзе экстрэмальным. Зіма ж. Холадна і проста страшна прысесці на стылую жалезку ці пластык, а калі правязуць табе па коле з шалёнай хуткасцю – нос і шчокі рызыкуеш адмарозіць.

У Віцебскім гарвыканкаме абяцаюць: усім, хто пажадае пакатацца, будзем выдаваць посцілкі! А ўжо што з тымі рабіць, аматары экстрыма, пэўна, будуць самі вырашаць – ці пад сабе паслаць, ці на сабе накінуць. Працаваць атракцыёны будуць з 24 снежня па 7 студзеня. Адна надзея – што да Новага году пацяплее...

Ёсць яшчэ адзін аспект, аб якім віцебскае чынавенства, мабыць, менш за ўсё думае. Масавыя гулянні вакол елкі, святочные канцэрты ды забаўляльныя праграмы, катанне на атракцыёнах ладзязць на плошчы Перамогі, амаль што побач з манументам і Вечным Агнём. У мінулым годзе ўлады зладзілі кірмаш побач з помнікам воінам-інтэрнацыяналістам. “Афганцы” паабяцалі прыйсці ды пабурыць шапікі, калі гандаль тэрмінова не прыбяруць. Да іх прыслухаліся. Ветэраны ІІ Сусветнай “пакой страху” ды аўтадромы плячыма не паспіхваюць...



Заснежаныя лебедзі



Паравозікі



Пакой страху



Холадна...

Фота аўтаркі