У Віцебску велапакатушку сарвалі амапаўцы і міліцыянты
5 верасня ў Віцебску не адбылася запланаваная роварная экскурсія па гістарычных месцах горада.
Арганізатар велапрабегу Уладзімір Булаўскі распавёў парталу TUT.BY, што дагэтуль такія экскурсіі ладзіліся двойчы. Пры гэтым ніякіх праблемаў не ўзнікала, і папярэджанняў ад праваахоўнікаў не было. Звычайна ўдзельнікаў набіралася каля 10 чалавек.
На трэцюю сустрэчу 5 верасня запрасілі дыпламаванага экскурсавода. У сацыяльнай сетцы стварылі спецыяльную групу. Аднак на месца запланаванай сустрэчы з'явіліся тры міліцыянты, тры амапаўцы, жанчына з БРСМ і супрацоўнік ДПС, кажа Булаўскі.
Па яго словах, міліцыянты спынялі нават тых, хто не меў дачынення да роварнай экскурсіі. Некаторым выпісвалі штрафы. Прычынай затрымання называліся адміністрацыйныя правапарушэнні: адсутнасць на роварах люстэрка задняга віду, званка і ліхтарыка. Аднаго хлопца міліцыянты распытвалі, як часта ён бярэ ўдзел у велапрабегах і акцыях за здаровы лад жыцця, кажа арганізатар.
Булаўскі не хоча адмаўляцца ад ідэі велаэкскурсій, і неўзабаве ён збіраецца падаць пісьмовы зварот у РАУС, каб дазволілі такія "пакатушкі".
Нагадаем, 28 жніўня арганізатарку мінскага велапрабегу ў вопратцы "стыляг" Ірыну Бійнік абвінавацілі ў правядзенні несанкцыяванай акцыі і аштрафавалі на 2 мільёны рублёў.
Фота з сацыяльных сетак