У Вілейцы аштрафавалі актывістаў за "мітынг" падчас усталявання крыжоў

Вілейскі суд аштрафаваў траіх мясцовых актывістаў дэмакратычнага руху, якія праходзілі па справе ўсталявання крыжоў ва ўрочышчы Красны Беражок. Аляксей Сюдак і Ўладзімір Малярчук мусяць сплаціць штраф у памеры 1 млн. 50 тыс. руб., Алесь Наркевіч — 700 тыс. руб., паведамляе "Наша ніва".
Нагадаем, актывістаў абвінавацілі ў правядзенні "несанкцыянаванага мітынгу" падчас усталявання крыжоў памяці героя антысавецкага супраціўлення Расціслава Лапіцкага і ўсіх ахвяр бальшавіцкіх рэспрэсій. Прысуд быў быў вынесены літаральна за адну хвіліну, суддзя Юрый Абрамчык нават не зачытаў, чым даказана правапарушэнне, кажа Аляксей Сюдак.