У выніку тэракту на чыгунцы ў Расіі загінулі 39 пасажыраў "Неўскага экспрэсу"

39 чалавек загінулі і яшчэ 102 пацярпелі ў выніку аварыі цягніка "Неўскі экспрэс" у Наўгародскай вобласці Расіі. Як паведамляе РИА "Новости", здарэнне адбылося вечарам у пятніцу. Цягнік накіроўваўся з Масквы ў Санкт-Пецярбург.  Па факце аварыі "Неўскага экспрэсу" была распачатая крымінальная справа па артыкулах "тэрарыстычны акт" і "незаконны абарот выбуховых прыстасаванняў і выбуховых рэчываў", інфармуе ИТАР-ТАСС.



Адзначым, што ў цягніку было каля 600 пасажыраў. МЗС Беларусі цяпер высвятляе, ці былі сярод іх грамадзяне нашай краіны, інфармуе БелаПАН. Расійскія СМІ паведамляюць пра трох замежнікаў, але не ўдакладняюць іх нацыянальнасць.

Адзначым, што "Неўскі экспрэс" можа развіваць хуткасць да 200 км/г. Ад Масквы да Санкт-Пецярбурга на ім можна даехаць за 4 гадзіны 30 хвілін.

У жніўні 2007 года самаробнае выбуховае прыстасаванне стала прычынай першай аварыі "Неўскага экспрэсу", тады пацярпела 60 чалавек, загінулых не было.


Фота — Reuters