У закінутым доме ў Кобрынскім раёне знойдзена каля 28 кілаграмаў марыхуаны

27,8 кілаграма нявысушанай марыхуаны знойдзена ў закінутым доме неалёка ад вёскі Гарыздрычы, што ў Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці. Цікава, што ў гэтым доме за адзін раз было выяўлена больш наркасыравіны, чым за ўсё першае паўгоддзе на ўсёй тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Па факце знаходкі была распачатая справа на падставе ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў). Вядзецца пошук асоб, якія маюць дачыненне да знойдзеных раслін.

Паводле статыстыкі, сёлета брэсцкія міліцыянты канфіскавалі 22,6 кілаграмы наркасыравіны. У тым ліку: 21,9 кілаграмаў нявысушанай макавай саломкі, 0,7 кілаграмаў марыхуаны, 20,024 літра экстракцыйнага опіуму, 144 мілілітры ацэтыляванага опіуму.

"БелаПАН"