У Заслаўі пашкодзілі падводную частку газаправода (фота)
У Заслаўі на Міншчыне падчас ачысткі экскаватарам канала Вілейска-Мінскай сістэмы на глыбіні 1,5 метра была пашкоджаная падводная частка газаправода высокага ціску. Адбылася яго разгерметызацыя, пачалася ўцечка газу. На месца здарэння прыехалі спецыялісты "Мінгазу", якія выклікалі ратавальнікаў толькі праз 8 гадзінаў. Высветлілася, што работы па ачыстцы праводзіліся без адпаведных дазволаў, інфармуе прэс-служба МНС.
Для рамонту падводнага газаправода, верагодна, давядзецца ствараць часовы паралельны газаправод. Пакуль жа з дапамогай спецыяльных акумулюючых ёмістасцяў была забяспечаная падача газу жыхарам 653 дамоў.
Адзначаецца, што ў выніку здарэння пацярпелых няма. Ідуць аднаўленчыя работы. Мяркуецца, што яны працягнуцца да 27 верасня, паведамляе БЕЛТА.
Фота: mchs.gov.by