Улады Магілёўшчыны пачалі сачыць за ростам травы на прыватных участках

250 тысяч рублёў штрафу ад мясцовага савета вёскі Сухары атрымала пенсіянерка з Магілёва за няскошаную ля свайго участку траву. Абгрунтаванне — "недагледжаны участак".  На такую ж суму ў той жа дзень быў аштрафаваны жыхар Сухароў за "запарожац", які даўно стаіць ля яго ўчастку. Па падобных артыкулах у той жа дзень былі аштрафаваныя 8 чалавек. Улады нават вымушаюць за свой кошт убраць рэшткі згарэлай хаты. Пры гэтым адмовіцца ад участку нельга: спярша трэба прыбраць, а толькі потым — адмовіцца. Пагражаюць зноў жа вялізным штрафам.

Пацярпелыя збіраліся пісаць у аблвыканкам. Аднак высветлілася, што незадоўга да "рэпрэсій" акурат з выканкаму прыйшоў ліст з пастановай аб абавязковым даглядзе за ўчасткам і вакол яго. А ўжо згодна з гэтым лістом улады Сухароў і распачалі барацьбу за чысціню.

Улады не спыняе нават тое, што рашэнні пра штрафы павінны прызначацца ў адпаведных установах, а не мясцовым "трыбуналам". Дарэчы, і ў самой пастанове, як паведамляюць мясцовыя жыхары, няма спасылак на канкрэтныя нарматыўна-прававыя акты.