Ва ўнутраных войсках МУС праходзіць праверка па справе Андрэя Арамнава

Праверку па справе алімпійскага чэмпіёна, цяжкаатлета Андрэя Арамнава пачало кіраўніцтва спартыўнай каманды ўнутраных войскаў МУС Беларусі.  Нагадаем, ён няўдала адзначыў уручэнне ключоў ад мінскай трохпакаёвай кватэры за залаты медаль у Пекіне - на наступны дзень быў спынены ў Барысаве ДАІшнікамі і высветлілася, што спартсмен кіраваў машынай у стане алкагольнага ап'янення. Таксама з'явілася інфармацыя, што за апошнія месяцы гэта ўжо другі такі выпадак у Арамнава. У снежні 2008-га спартсмена аштрафавалі і пазбавілі правоў кіроўцы.

Афіцыйных каментароў у справе Арамнава пакуль няма. "Інтэрфакс" адзначае, што пра сітуацыю праінфармаваныя міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў і міністр спорта і турызму Аляксандр Грыгараў. Сам Андрэй Арамнаў цяпер знаходзіцца на зборах у Стайках пад Мінскам "пад кантролем" Федэрацыі цяжкай атлетыкі і кіраўніцтва спартыўнай каманды ўнутраных войскаў МУС.