Акно са шклопакетам у мінскай кватэры стала пасткай для сабакі (фота)
Жывёла засунула лапу ў напаўадчыненае акно на балконе, але дастаць яе не змагла.
Сталічныя выратавальнікі выязджалі на дапамогу псу, лапа якога захрасла ў прыадчыненым акне са шклопакетам. Інцыдэнт здарыўся ў кватэры дома па праспекце Газеты “Праўда” ўчора ўдзень. Супрацоўнікі МНС вызвалілі пса.
Выратавальнікі папярэджваюць, што адчыненыя ў рэжыме праветрывання вокны са шклопакетамі часта робяцца небяспечнымі пасткамі для хатніх гадаванцаў, асабліва для катоў, якія спрабуюць пралезці праз акно, але завісаюць. Некалькі гадзінаў у такім стане могуць абярнуцца для жывёлы не толькі цяжкімі траўмамі і стрэсам, але і нават смерцю, інфармуе прэс-служба МНС.
