Валуеў напярэдадні бою важыць на 32 кілаграмы больш, чым Ляховіч

Расійскі баксёр-цяжкавагавік Мікалай Валуеў аказаўся на 32 кілаграмы цяжэйшым за беларуса Сяргея Ляховіча, паведамляе Lenta.ru.
Нагадаем, сёння гэтыя баксёры сустрэнуцца на рынгу і пазмагаюцца за званне прэтэндэнта на тытул чэмпіёна свету па версіі WBA. Прамая трансляцыя бою пачнецца сёння на Першым канале беларускага тэлебачання ў 23.25.

Напярэдадні бою прайшло ўзважванне спартсменаў. Валуеў важыць 146 кілаграмаў, а Ляховича — 113,8. Бой паміж расійскім і беларускім баксёрамі адбудзецца ў нямецкім Нюрнбергу.

Пераможца атрымае права сустрэцца з чэмпіёнам свету ў цяжкай вазе па версіі WBA Русланам Чагаевым. Узбекскі баксёр заваяваў гэты тытул у красавіку 2007 года, калі перамог Валуева. 19 студзеня 2008 года ён абараніў сваё званне, атрымаўшы перамогу над прадстаўніком Вялікабрытаніі Мэтам Скелтанам.