Вольга Гаварцова выйшла ў другі круг тэніснага турніру ў Індыян-Уэлсе

Беларуская тэнісістка Вольга Гаварцова (50-е месца ў сусветным рэйтынгу) выйшла ў другі круг буйнога турніру ў Індыян-Уэлсе (ЗША) з агульным прызавым фондам 4,5 млн долараў.
10 сакавіка ў 1/64 фіналу яна перамагла чэшку Івету Бенешаву (58) — 6:0, 4:6, 7:6 (10:8). Матч працягваўся роўна дзве гадзіны. Цяпер Гаварцова сустрэнецца з "пасеянай" пад чацвёртым нумарам сёмай ракеткай свету Аленай Дзяменцьевай з Расіі, паведамляе БелаПАН.

У асноўным раўндзе адзінкавых спаборніцтваў у Індыян-Уэлсе выступіць таксама "пасеяная" пад трэцім нумарам Вікторыя Азаранка (6). Яна пачне барацьбу з другога круга, дзе сустрэнецца з пераможцам матчу Зюбіле Бамер (Аўстрыя, 47) — Катарына Шработнік (Славенія, 411).

Дзве прадстаўніцы Беларусі выступілі ў кваліфікацыі турніру. У першым крузе Дар'я Кустова (125) прайграла японцы Аюмі Марыта (90) — 2:6, 6:4, 4:6, а Настасся Якімава (117) — харватцы Караліне Шпрэм (94) — 1:6, 2:6.

Тры беларускія тэнісісткі выступяць у парным разрадзе спаборніцтваў, прычым ужо ў першым крузе (1/16 фіналу) Вольга Гаварцова (53) і Таццяна Пучак (56) будуць сапернічаць з Дар'яй Кустовай (73) і Акгуль Аманмурадавай з Узбекістана (44). Пераможцы сустрэнуцца з лепшымі ў матчы першых ракетак свету Кары Блэк (Зімбабвэ) і Лізэль Хубер (ЗША) супраць італьянкі Сары Эрані (59) і ізраільцянкі Шахар Пеер (52).