Вялікдзень будзе снежны і непагодны, а вясна прыйдзе толькі ў красавіку

Як паведамілі Еўрарадыё ў Гідраметэацэнтры, у выходныя захаваецца нестабільнае надвор’е, якое апанавала Беларусь ад пачатку сакавіка. Гідраметэацэнтр: “Пад уплывам чарговага цыклону акажацца надвор’е ў суботу і нядзелю. На большай частцы тэрыторыі ападкі: у суботу мокры снег з дажджом, у другой палове нядзелі – снег”.

Тэмпература паветра ўначы ў суботу -2 - -6, у дзень ад +2 - +7, па поўдні краіны да 9 цяпла. У нядзелю ўначы – 2...-4, удзень ад 2 да 8 цяпла, па Гомельскай вобласці да +10.

Паводле папярэдняга прагнозу, у панядзелак чакаюцца складаныя ўмовы надвор’я, на краіну абрынуцца снегапады, чакаецца ўзмацненне ветру да 15-20 метраў за секунду, наліпанне мокрага снегу на правадах.

Гідраметэацэнтр: “Тэмпература будзе вельмі кантраставай: ад 10-12 цяпла на паўднёвым усходзе да +1 - -2 на паўночным захадзе. У Мінску блізкая да 0”.

Паводле папярэдніх дадзеных сіноптыкаў, да канца сакавіка тэмпература будзе ў межах кліматычнай нормы, а часам і ніжэй за яе. Таму пра вясну да 1 красавіка казаць рана.