Як зімой не змерзнуць на вуліцы і начаваць на марозе ў намёце?

Еўрарадыё разам з лекарамі склала парады, як правільна апранацца ў марознае надвор’е, што есці перад тым, як надоўга пайсці на вуліцу, а таксама што рабіць, каб не мерзнуць у намёце.

Каб не замерзнуць падчас лютых халадоў, перш за ўсё, трэба добра апранацца. Паводле словаў сталічнай лекаркі Анастасіі Картэль, вопратка мусіць быць свабоднай. У моцныя маразы неабходна апранаць адразу некалькі швэдараў. Лепей за ўсё, калі куртка уцепленая натуральным футрам і не прадзімаецца звонку.

Абутак і вопратка мусяць быць свабоднымі, ні ў якім разе не шчыльнымі. Лепей апрануць шматслойныя штаны і некалькі швэдараў пад куртку. Куртка мусіць закрываць ніжнюю частку тулава. Абутак патрабуе тоўстых падэшваў, чым яны таўсцей — тым лепш. Пажадана, каб шкарпэткі былі з авечай воўны. Калі звычайныя — лепей надзець некалькі пар”, — кажа доктар.

Дарэчы, лекары не рэкамендуюць абгортваць твар шалікам. Бо калі ў гэты час размаўляць ці крычаць, напрыклад, на футболе, шалік пакрываецца вільгаццю. На рукі лепш надзець не пальчаткі, а рукавіцы, каб пальцы былі разам. Шапка, вядома, мусіць прыкрываць вушы.

Перад тым, як выходзіць на вуліцу, лекары рэкамендуюць паесці. Але гэта не значыць, што трэба наядацца да адвалу. Есці трэба столькі, каб хапіла. Дарэчы, ужываць алкаголь для сагравання лекары катэгарычна не рэкамендуюць, адзначае Анастасія Картэль.

Анастасія Картэль: “Калі чалавек недзе будзе доўга стаяць, трэба штосьці цёплае прыняць у ежу. Гэта можа быць цёплы булён ці іншая добрая цёплая небагатая ежа. Можна прыхапіць з сабой на вуліцу тэрмас з цёплым пітвом”.

Калі чалавек у холад знаходзіцца на вуліцы, абавязкова трэба варушыцца, працягваеАнастасія Картэль.

Трэба не стаяць на месцы, а пахадзіць, паварушыцца, паскокаць, наколькі гэта дазваляе сітуацыя. Калі чалавек адчувае, што ў яго мерзнуць рукі ці ногі, трэба рабіць рухі пальцамі ног, пальцамі рук. Гэта паляпшае кровазварот і дапамагае сагрэцца”.

А вось калі вы збіраецеся ўзімку паехаць у паход і пажыць тыдзень у намёце, тады давядзецца прыхапіць добрую экіпіроўку і некалькі камплектаў вопраткі. Спатрэбіцца асобны камплект на дзень і на ноч. Як жыць у лесе ўзімку, Еўрарадыё распавёў турыст Мікалай Свірыдаў.

Мікалай Свірыдаў: “Спальнік трэба абавязкова — чым цяплей, тым лепш: камфорт да -10. Цяпер розныя вытворцы. Лепш усё ж такі пуховы спальнік. Для таго, каб спаць, на дне намёта кладзецца тэрмаізаляцыйны дыванок. Пажадана, каб намёт быў з печкай. Апошнім часам такія печкі пачалі выпускаць”.

Спецыяліст дадае, што вопратка для сну мусіць быць больш цёплай. Для руху патрэбная тэрмабялізна і мембранная адзежа. Для сну больш падыходзіць вопратка з воўны, якая бліжэй да цела. 

Дарэчы, калі вы раптам збіраецеся ў паход, то ў бліжэйшыя выхадныя сіноптыкі абяцаюць па краіне да -10 удзень і да -12 уначы.