Яраслаў Раманчук супраць прыватызацыі буйных беларускіх прадпрыемстваў

Прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што ў цяперашняй эканамічнай і палітычнай сітуацыі прыватызацыя буйных беларускіх прадпрыемстваў немэтазгодная. Пра гэта ён заявіў 25 жніўня на прэзентацыі тэзісаў сваёй праграмы "Мільён працоўных месцаў для беларусаў" у мінскім офісе Партыі БНФ, паведамляе БелаПАН. Эканаміст лічыць, што ўлады за бесцань хочуць прадаць найкаштоўнейшыя беларускія прадпрыемствы, каб дажыць да выбараў. Але гэта не прынясе ніякай выгады Беларусі.

Раманчук адзначыў, што ў цяперашніх умовах гэтыя здзелкі будуць праведзены па загадзя непразрыстай схеме, без выканання неабходных умоваў прыватызацыі, без экспертаў, якія б вызначылі сапраўдны кошт.

Калі ўлады ўсё-ткі прададуць стратэгічна важныя прадпрыемствы зараз, то, паводле слоў эканаміста, новы дэмакратычны ўрад, які  Раманчук збіраецца стварыць у выпадку перамогі на прэзідэнцкіх выбарах, зробіць усё, каб праз суд прызнаць гэтыя здзелкі несапраўднымі.