Ярмошына: Пракуратура можа праверыць дакументы з архіва ЦВК і праз 100 гадоў

Калі пракуратура распачне справу аб фальсіфікацыі Цэнтральнай выбарчай камісіяй вынікаў выбараў, то неабходныя для правядзення дакументы з архіва ЦВК яны змогуць атрымаць і праз 100 гадоў. Пра гэта Еўрарадыё расказала старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Лідзія Ярмошына: “Што тычыцца дакументаў Цэнтральнай выбарчай камісіі: пастаноў аб падвядзенні вынікаў выбараў, то іх тэрмін захоўвання — “пастаянна”. І калі будзе распачата крымінальная справа, хтосьці скажа, што Цэнтральная камісія фальсіфікавала выбары, то прыйдзе пракуратура, ізыме ўсё і пераправерыць”.

Іншая справа, ці хопіць пракуратуры пастаноў аб падвядзенні вынікаў выбараў для таго, каб дакладна разабрацца ў пытанні магчымай фальсіфікацыі. Справа ў тым, што самыя важныя дакументы, на падставе вывучэння якіх можна адразу разабрацца ў справе, знішчаюцца досыць хутка.

Лідзія Ярмошына:
“Бюлетэні захоўваюцца 6 месяцаў. Падпісныя лісты знішчаюцца дастаткова хутка — гэта аб’ёмныя дакументы”.

Дарэчы, па словах Ярмошынай, пагартаць падшыўку пратаколаў тэрытарыяльных камісій па падвядзенні вынікаў падліка галасоў любому з вуліцы не дазволяць. Але гэта, акрамя следчых пракуратуры, можа зрабіць любы журналіст.