Яўген Якавенка зноў патрабуе ад ваенкамата позву на беларускай мове

Гомельскі каардынатар па стварэнні партыі БХД Яўген Якавенка зноў патрабуе ад ваенкамата позву на беларускай мове, паведамляе БелаПАН. Мінулым разам, калі Якавенка патрабаваў зносінаў з ім і атрымання позваў на беларускай мове,ён быў асуджаны за ўхіленне ад прызыву з прыгаворам аб абмежаванні волі да году. 23 ліпеня абласны суд пакінуў у сіле рашэнне суда першай інстанцыі, але прымяніў да Якавенкі закон аб амністыі і зняў з яго судзімасць. Актывіст не лічыць сябе вінаватым. Ён заяўляе, што толькі настойваў на рэалізацыі свайго канстытуцыйнага права на вядзенне з ім перапіскі на беларускай мове.

Як паведаміў БелаПАН Якавенка, яго зноў выклікалі ў ваенкамат для праходжання медкамісіі. Прыбыўшы 15 верасня ў ваенкамат, ён запатрабаваў позву на беларускай мове. І зноў ваенкамат адмовіў. Сваю адмову тлумачаць тым, што дакументацыя вядзецца на рускай мове, трэба зрабіць новыя бланкі, і не толькі позваў, але і іншых дакументаў. Урачам праблемна запаўняць бланкі на беларускай мове.

Яўген Якавенка мае намер напісаць скаргу на супрацоўнікаў ваенкамата ў Міністэрства абароны.