Юрась Копцік: Фэст на Крапівенскім полі адбудзецца пры любых абставінах

Традыцыйны фестываль беларускай аўтарскай песні і паэзіі “Аршанская бітва-2008” адбудзецца на Крапівенскім полі, што каля вёскі Гацькаўшчына, у суботу, 6 верасня.  Адзін з яго арганізатараў Юрась Копцік кажа, што фармат фэсту мяняцца не будзе:

"Фармат застаецца нязменным. Традыцыя застаецца тая ж, якая была закладзеная ў 1991 годзе. Мы нічога не збіраемся мяняць".

Нагадаем, увечары ў суботу на адкрытым паветры каля вогнішча збяруцца барды і паэты, а таксама прыхільнікі нацыянальнай і гістарычнай тэматыкі ў музыцы і паэзіі. Пакуль дакладна вядома пра ўдзел вядомага барда, пачынальніка традыцыі святкавання ўгодкаў Аршанскай бітвы 1514 года Андрэя Мельнікава. Магчыма, на Крапівенскае поле прыедуць і рыцарскія клубы.

Юрась Копцік кажа, што фэст адбудзецца пры любых абставінах. Сіноптыкі дарэчы, абяцаюць на гэты дзень сухое і цёплае надвор’е.