З 1 чэрвеня на дарогах Беларусі ўводзяцца абмежаванні для грузавікоў

З 1 чэрвеня на аўтамабільных дарогах дзейнічаюць часовыя абмежаванні нагрузак. Як паведамляе прэс-служба дэпартамента "Белаўтадар", да канца лета з 11.00 да 21.00 пры тэмпературы паветра больш за +25 абмяжоўваецца рух транспартных сродкаў з нагрузкай на адзіночную вось больш за 6 тон па рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах з асфальтабетонным пакрыццём.

Рух такога аўтатранспарту дазволены ў начны час, з 21.00 да 11.00. У выпадку рэзкага змянення ўмоў надвор'я па маршруце руху і паніжэння тэмпературы паветра да +15 дзейнічаюць ранейшыя правілы руху транспарту.

Часовыя абмежаванні не тычацца перавозак пасажыраў, хуткапсавальных і небяспечных грузаў, кветак і насеннага фонду, грузаў гуманітарнай дапамогі, бетонных і асфальтабетонных сумесей, жывых жывёл і перавозак, звязаных з прадухіленнем або ліквідацыяй надзвычайных сітуацый.

БелаПАН