З выбараў зняўся фронтавец Суднік, нават раней тэрміну, які вызначыла партыя

Сябра Партыі БНФ Станіслаў Суднік зняўся з выбараў. Ён балатаваўся па Лідскай выбарчай акрузе №54 разам з беспартыйнай Тамарай Клебан, начальніцай упраўлення эканомікі райвыканкама. Свой учынак Суднік патлумачыў тым, што 30 жніўня Партыя БНФ прыняла рашэнне аб тым, што яе сябры будуць здымаць свае кандыдатуры з-за недэмакратычнасці выбараў. Праўда, канчатковае рашэнне ў Мінску будзе прынята толькі пасля 23 верасня, але Станіслаў Суднік пайшоў на гэты крок датэрмінова.

Дарэчы, гэта другі падобны выпадак у вобласці. Раней сваю кандыдатуру зняў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Камянецкі, які балатаваўся па адной акрузе з мэрам Гродна Аляксандрам Антоненкам. Паводле словаў Камянецкага, у яго з’явіліся цікавыя прапановы наконт працы, звязанай са сферай сацыяльнай абароны або дыпламатыі. Пры гэтым не выключана, што пасаду ён атрымае за мяжой.

Такім чынам, у Гродзенскай вобласці засталося шэсць кандыдаў ад АДС, з іх чатыры ў Гродна, адзін - у Дзятлаўскім раёне і адзін - у Слонімскім. Усяго ў вобласці трынаццаць выбарчых акругаў, з іх сем - безальтэрнатыўныя: там балатуюцца па адным прадстаўніку ад уладаў.