З-за халатнасці дэпутатаў мастоўскі райсавет прыняў няправільны бюджэт

Падчас апошняй сесіі Мастоўскага раённага Савета дэпутаты пераважнай большасцю прынялі раённы бюджэт. Аднак пасля праверкі дэпутат Дзмітрый Кухлей звярнуў увагу, што прынятыя лічбы бюджэту не сыходзяцца з закладзенымі расходамі.

Старшыня Мастоўскага райсавету Генадзь Каробка пацвердзіў, што пры распрацоўцы праекту на самой справе былі зроблены памылкі і яны ўжо выпраўленыя. Праект рашэння па бюджэце быў атрыманы дэпутатамі перад самым пачаткам сесіі, таму адсутнічала магчымасць праверкі лічбаў. Нягледзячы на гэта дэпутаты райсавета амаль аднагалосна прагаласавалі за праект бюджэту нават без абмеркавання.

Дэпутат Мастоўскага райсавету Дзмітрый Кухлей сказаў Еўрарадыё:

"Дэпутаты райсавета прымаюць усе рашэнні, якія ім падсоўваюць: яны нават не чытаюць тыя паперкі. Атрымліваецца, што з-за халатных адносінаў да сваіх абавязкаў дэпутаты прымаюць рашэнні з памылкамі. А потым іх нехта карэгуе і падае незаконна выпраўленыя рашэнні за сапраўдныя. Пад прыкрыццём Савета створаны проста ідэальны асяродак для карупцыі і раскрадання дзяржаўных сродкаў!"