З-за выявы Леніна ў Літву не пускалі аўтобус з беларускімі футбалістамі

Аўтобус з юнацкай зборнай Беларусі па футболе затрымалі на мяжы літоўскія мытнікі. Прычынай сталі чатыры ордэны Леніна, якімі быў "ўпрыгожаны" беларускі "Мерседес Бенц". Нагадаем, у Літве сёлета было забаронена выкарыстанне нацысцкай і савецкай сімволікі. Літоўскія мытнікі загадалі кіроўцу заклеіць ордэны Леніна, інакш футбалістам давялося б вярнуцца на радзіму.

Юнацкая зборная Беларусі прымала ўдзел у турніры ў Крэтынгу. Як паведамляе газета "Respublika", на мясцовым стадыёне беларускі аўтобус ужо не хаваў савецкіх узнагародаў. Каля іх таксама быў надпіс, які нагадваў, што Мінская вобласць двойчы была ўганараваная ордэнам Леніна.

Цікава, што ў паліцыянтаў, якія па дарозе да Балтыйскага мора двойчы спынялі "Мерседэс Бенц" для праверкі дакументаў, савецкая сімволіка ніякіх пытанняў не выклікала.