За напад на Акрэсціна міліцыянты пачалі крымінальную справу

Мінская міліцыя пачала крымінальную справу за злоснае хуліганства з нагоды нападу невядомых на Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), які знаходзіцца ў завулку Акрэсціна. Па звестках БелаПАН, інфармацыя пра здарэнне паступіла ў міліцыю 6 верасня ў 04.23. Двое невядомых кінулі дзве бутэлькі з гаручай сумессю ў дзверы КПП Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, у выніку дзверы загарэліся. Ці затрыманы хто-небудзь з нападнікаў, пакуль не вядома. Мінская міліцыя гэтую інфармацыю ніяк не каментуе.

Варта адзначыць, што інфармацыя, што ізалятар на Акрэсціна закідалі "кактэйлямі Молатава" з'явілася ў інтэрнэце 6 верасня са спасылкай на нейкую анархічную групу "Сябры свабоды". Паведамлялася, што акцыя была праведзена на знак салідарнасці з сямю анархістамі, затрыманымі па падазрэнні ў датычнасці да нападу на расійскую амбасаду 30 жніўня.