За танаванае шкло кіроўцам пагражае штраф у памеры 700 тысяч рублёў

Паляванне на ўладальнікаў аўтамабіляў з танаваным шклом пачалося 16 сакавіка ў Мінску. Караць парушальнікаў будуць штрафам у памеры да 700 тысяч рублёў.
Як паведаміў Еўрарадыё інспектар аддзела па агітацыі і прапагандзе ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Бруй, выклікана гэта з’яўленнем у сталіцы вялікай колькасці аўтамабіляў з танаваным шклом:

"Паводле адміністрацыйнага кодэксу, за выкарыстанне таніраванага шкла прадугледжаны штраф — 2 базавыя велічыні (70 тысяч рублёў). Зараз будзе новаўвядзенне, у адпаведнасці з новым распараджэннем, інспектары будуць мець права выпісваць прадпісанне. У ім будзе пазначана, што ўладальнікі танаваных аўтамабіляў абавязаны ў пэўны перыяд выправіць гэты недахоп: растанаваць, або замяніць танаванае шкло на звычайнае. І калі яны не зробяць гэта ў пэўны абазначаны перыяд, то будуць прыцягнуты да адміністрацыйнага пакарання ў выглядзе штрафу — 20 базавых велічынь (700 тысяч рублёў)”.

Мерапрыемствы, якія праводзіць ДАІ, працягнуцца 10 дзён.