Здароўе віцябляніна Сяргея Харлана, параненага піратамі, рэзка пагоршала

Стан здароўя капітана карабля "Тай Юніён- 3", параненага самалійскімі піратамі, рэзка пагоршала. Пра гэта паведамляе ІТАР-ТАСС са спасылкай на кіраўніка арганізацыі "Праграма па падтрымцы маракоў ва Ўсходняй Афрыцы" Эндру Мвангура. Нагадаем, што віцяблянін Сяргей Харлан (грамадзянін Расіі) быў паранены ў левую руку 5 лістапада. Піраты адвезлі яго ў шпіталь у горадзе Харардэрэ, дзе яму была аказаная медыцынская дапамога, аднак зроблена гэта было, верагодна, не зусім прафесійна. З таго часу стан здароўя капітана працягваў пагаршацца.

Самі бандыты працягваюць сцвярджаць, што жыццю і здароўю капітана нічога не пагражае.

"Тай Юніён-3" быў захоплены 29 кастрычніка ў 200 мілях на поўнач ад Сейшэльскіх астравоў у Індыйскім акіяне. Карабель ішоў у новы раён здабычы пасля выгрузкі рыбапрадукцыі. Дваццаць тры чальцы экіпажа з'яўляюцца грамадзянамі Расіі, усе яны з Калінінградскай вобласці. На борце таксама знаходзіцца двое філіпінцаў і грамадзянін Ганы.