Жыхар Гродна спаліў кватэру жонкі, пакуль тая была на карпаратыве
Каштоўныя рэчы ён загадзя вывез у іншае месца.
Раўнівы жыхар Гродна абліў кватэру жонкі бензінам і падпаліў, паведаміў БЕЛТА прадстаўнік прэс-службы УУС Гродзенскага аблвыканкама Міхаіл Кузняцоў.
39-гадовы гродзенец быў жанаты каля года і пражываў у кватэры, якая належала яго жонцы. Пара канфліктавала і знаходзілася на мяжы разводу. Мужчына ўвесь час пакутаваў ад думак аб нявернасці жонкі. Аднойчы эмоцыі ўзялі верх над розумам і мужчына нарабіў бяды.
У той вечар жонка знаходзілася на карпаратыўнай вечарынцы і затрымалася, хоць раўнівы муж запатрабаваў ад яе вярнуцца не пазней 21 гадзіны. Мужчына ў парыве злосці вырашыў адпомсціць жонцы. Калі стала ясна, што жанчына "своечасова" дадому не прыйдзе, муж вывез найбольш каштоўныя рэчы з кватэры ў свой нежылы домік, загадаў падчарцы схадзіць прагуляцца, а сам абліў кватэру бензінам і падпаліў. Каністру паліва ён загадзя набыў на аўтазапраўцы.
У выніку пажару кватэры, размешчанай у шматкватэрным жылым доме, нанесеная моцная шкода. Толькі дзякуючы ўмелым дзеянням супрацоўнікаў МНС суседнія кватэры не пацярпелі.
Падпальшчык трапіў у рукі супрацоўнікам Кастрычніцкага РАУС Гродна. Цікава, што мужчына быў раней судзімы, і таксама за падпал: у 2009 годзе ён вырашыў спаліць чужы аўтамабіль. У дачыненні да яго ўзбуджаная крымінальная справа.