Жыхар Ляхавічаў асуджаны на 8 гадоў за забойства жонкі-алкагалічкі

Да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму асуджаны жыхар Ляхавіцкага раёна за забойства сваёй жонкі.  Злачынства было здзейснена ў снежні мінулага года, і толькі зараз адбыўся суд. Пабраліся шлюбам яны ў Краснадарскім краі, дзе хлопец служыў. А з 2003 года жылі на Ляхаўшчыне. Тут жанчына пачала шмат піць, за што муж часта біў яе.

Калі аднойчы, прыйшоўшы з працы, муж убачыў, што яго жонка нецвярозая, ён звязаў ёй рукі і зноў пачаў біць. Потым эксперты налічылі на яе целе 66 цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Ад траўматычнага шорку кабета памерла. Забойца казаў, што жонка павалілася і забілася сама. Віну прызнаў толькі ў час суда. Праз слёзы сказаў, што вельмі кахаў жонку і не мог глядзець, як яна співаецца.

Без бацькоў засталася 14-гадовая дачка і сын, які служыць у войску.

Іван Юрашчык, Еўрарадыё, Ляхавіцкі раён