Жыхар Наваполацка на Audi ўцякаў ад памежнікаў і сутыкнуўся з лесавозам
Жыхар Наваполацка на Audi ўцякаў ад памежнікаў. Здарэнне адбылося ўдзень 6 лютага ў Верхнядвінскім раёне. Полацкія памежнікі правяралі аўтамабілі ў памежнай зоне, але Audi не спыніўся. Пачалася пагоня. У выніку, кіроўца легкавіка не саўладаў з кіраваннем і сутыкнуўся ў лесавозам.
Як інфармуе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта, кіроўцу аказалі меддапамогу і завезлі ў бальніцу, але ад шпіталізацыі ён адмовіўся. Пасля асведчання высветлілася, што ўтрыманне алкаголя ў крыві мужчыны склала 1,9 праміле.
Жыхар Наваполацка за апошнія 8 гадоў 10 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху. Тройчы яго пазбаўлялі пасведчання кіроўцы. Верагодна, ён не хацеў чарговых такіх праблемаў і спадзяваўся ўцячы ад памежнікаў. Але не атрымалася.
Спачатку зламысніка прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне памежнага рэжыму і невыкананне патрабавання аб спыненні аўтамабіля. Пасля яго чакае пакаранне па лініі ДАІ.