Жыхар Заходняга Уэльса напаў на прыхільнікаў "Зорных войнаў"

Жыхар Заходняга Уэльса заплаціць 100 фунтаў стэрлінгаў (прыкладна 195 долараў) за напад на двух фанатаў “Зорных войнаў”. Зламыснік, апрануўшы на галаву чорны мяшок для смецця і ўзяўшы ў рукі мыліцу, прадставіў сябе Дартам Вэйдэрам.

27-гадовы Арвэл Він Х'юс, знаходзячыся ў стане моцнага алкагольнага ап'янення, уварваўся ў джэдайскі храм, дзе два фанаты кінаэпапеі здымалі на відэа паядынак на мячах. У выніку інцыдэнту Х'юс нанёс прыхільнікам серыяла лёгкія пашкоджанні.

Па словах адваката, абвінавачваны не памятаў нічога пра тое, што здарылася, бо перад гэтым практычна цалкам выпіў дзесяцілітровую каністру віна. Парушальнік з'яўляецца хранічным алкаголікам і раней быў судзімы за збіццё.

Паводле агенцтва AFP, храм джэдаяў быў заснаваны уэльскімі фанатамі "Зорных войнаў" у 2007 годзе.

Упершыню "Зорныя войны" выйшлі на шырокі экран 25 траўня 1977 года і сабралі ў сусветным пракаце больш за 770 мільёнаў долараў. Карціна дала старт стварэнню цэлай індустрыі, якая абслугоўвае фільмы гэтага жанру.

Зорныя войны ўвайшлі ў Топ-25 самых уплывовых фільмаў у гісторыі кіно па версіі газеты USA Today.

Дадам, што на 15 жніўня гэтага года запланаваны амерыканскі рэліз поўнаметражнага мультфільма "Зорныя войны: войны клонаў" (Star Wars: The Clone Wars).

Сусветная прэм'ера адбудзецца пазней.

Фота: abcnews.go.com