Жыхары памежжа змогуць прасцей ездзіць у Польшчу з красавіка 2011 года

Спрошчаны парадак перасячэння польскай мяжы для жыхароў прымежных тэрыторый пачне дзейнічаць з красавіка 2011 года. Пра гэта паведаміў намеснік міністра замежных справаў Валеры Варанецкі. Такім чынам ён пракаментаваў ратыфікаваную Палатай прадстаўнікоў міжурадавую дамову Беларусі і Польшчы аб правілах прымежнага руху, перадае БЕЛТА. Беларускі МЗС разлічвае, што ў красавіку 2011 года жыхары прымежжа змогуць падаваць дакументы на атрыманне спецыяльнага дазволу на спрошчаны парадак скрыжавання мяжы і, магчыма, атрымаюць гэтыя дазволы.

На думку Варанецкага, аналагічныя дамовы пра прымежны рух з Літвой і Латвіяй могуць быць ратыфікаваныя да канца 2010 года.