Злотнікаў: Расія пачакае з "нафтавым пытаннем" да прэзідэнцкіх выбараў

Такое меркаванне выказаў эканаміст Леанід Злотнікаў у каментары Еўрарадыё.  Нагадаем, Эканамічны суд СНД прапанаваў урадам Беларусі і Расіі вызваліць расійскія нафтапрадукты, якія ідуць у Беларусь, ад мытных пошлін аж да заканчэння судовага працэсу. Як заявіў намеснік міністра юстыцыі Расіі Васіль Ліхачоў, гэтае рашэнне мае рэкамендацыйны характар, таму Расія яго прытрымлівацца не будзе.

Леанід Злотнікаў згодны, што рашэнне Эканамічнага суда СНД мае рэкамэндацыйны характар.

Злотнікаў: "Я думаю, што няікага ўплыву Беларусі на вырашэнне гэтага пытання ўжо не будзе. Яна два ці тры гады ўсё спрабуе паўплываць на рашэнне Расіі. Вы ведаеце, што ёсць пратаколы аб цэнах на газ, на нафту, якія былі падпісаныя некалькі гадоў таму. І ў адпаведнасці з імі, цана на нафту і газе паступова даводзіцца да цэн сусветнага рынку".

Па словах эксперта, нейкае вырашэнне "нафтавай спрэчкі" паміж Беларуссю і Расіяй магчымае толькі пасля прэзідэнцкіх выбараў у нашай краіне.

Дарэчы, па просьбе расійскага боку ў слуханнях па справе абвешчаны перапынак да 19 студзеня 2011 года.