Зніклага год таму беларуса затрымалі на армяна-турэцкай мяжы

Зніклага год таму беларуса затрымалі на армяна-турэцкай мяжы

У Арменіі недалёка ад мяжы з Турцыяй быў затрыманы 38-гадовы грамадзянін Беларусі. Мужчына цікавіўся, як дабрацца да турэцкага ўзбярэжжа Чорнага мора.

Мясцовыя жыхары паведамілі пра падазронага чалавека на заставу Гюмрыйскага памежнага атрада. Парушальніка затрымлівала аб'яднаная аператыўная група ў складзе супрацоўнікаў паліцыі, Службы нацыянальнай бяспекі і вайскоўцаў Гюмрыйскага памежнага атрада.

Пры ператрусе ў затрыманага знайшлі беларускі пашпарт, грошы ў валюце васьмі краін і банкаўскія карткі. Высветлілася, што затрыманы мужчына — ураджэнец Віцебска, які стаіць на ўліку ў псіхіятра. Ён пражываў у Свіслацкім раёне Гродзеншчыны, і ў 2015 годзе яго восем месяцаў шукалі валанцёры і праваахоўныя органы Беларусі як зніклага без вестак. Хутчэй за ўсё, пішуць "Народныя навіны Віцебска", гэта Юрый Л., якога шукалі з канца сакавіка 2015 года, калі ён сышоў з дома. У снежні 2015-га яго бачылі на адным з вакзалаў Расіі, калі ён купляў квіток у Беларусь. Аднак паліцыі мужчына заявіў, што вяртацца да сваякоў не мае намеру.

Цяпер праваахоўнікі Арменіі вінавацяць беларуса ў парушэнне парадку ўезду і часовага знаходжання ў памежнай паласе. Сам ён заявіў памежнікам, што проста любіць падарожнічаць "аўтастопам".

Памежнікі перадалі беларуса для далейшых разбораў супрацоўнікам Службы нацыянальнай бяспекі Арменіі.