Зянон Пазьняк: 20 гадоў таму з Божай дапамогай мы не зрабілі ніякіх памылак

20 гадоў таму адбылося першае шэсце ў Курапаты, да месца масавых пахаванняў ахвяраў НКВД. Гэта здарылася пасля публікацыі артыкула Зянона Пазьняка, у якім была раскрытая страшная праўда пра бальшавіцкія рэпрэсіі супраць беларускага народа. Лідэр Кансерватыўна-хрысціянскай партыі-БНФ Зянон Пазьняк у інтэрв'ю Еўрарадыё разважае пра значэнне адкрыцця праўды пра Курапаты, а таксама кажа пра тое, адкуль у той час нацыянальна-вызвольныя сілы атрымалі дапамогу.

Зянон Пазьняк:
"Курапаты настолькі ўзрушылі грамадзтва, што яны сталі тым пунктам адліку, з якога пачаўся масавы беларускі нацыянальна-вызвольны адраджэнскі рух".

Паводле Пазьняка, гэта была з'ява міжнароднага маштабу. Да таго часу, камуністычны рэжым прадстаўляў рэпрэсіі як "разборкі" ўнутры кампартыі, як "перагібы" культу асобы Сталіна. Але Курапаты адкрылі ўлікі злачынства і яны, перакананы Пазьняк, калісьці будуць прадстаўленыя на судзе над камунізмам.

Зянон Пазьняк прызнае, што 20 гадоў таму нацыянальна-вызвольнымі сіламі была атрыманая дапамога звонку, дзякуючы чаму ўдалося пазбегнуць памылак:

"Усё шчасце, увесь цуд у тым, што не было зроблена ніякіх памылак. І ў гэтым сэнсе тады нам проста дапамагаў Бог. Тое, што ўдалося за саветамі адкрыць Курапаты, уяўніць іх публічна, даказаць і прымусіць бальшавікоў пагадзіцца, усё гэта было зроблена з дапамогай Бога. Таму што яно не ўкладвалася ў логіку акупацыйнага рэжыму".