З'явілася відэа палёту расійскіх Су-24 побач з амерыканскім эсмінцам

З'явілася відэа палёту расійскіх Су-24 побач з амерыканскім эсмінцам

З'явілася відэа палёту расійскіх Су-24 і верталёта Ка-27 побач з амерыканскім эсмінцам "Дональд Кук". Здарэнне адбылося днямі ў Балтыйскім моры. Відэа палёту апублікавала Еўрапейскае камандаванне ўзброеных сіл ЗША. Адзначаецца, што 11 і 12 красавіка адбыліся некалькі інцыдэнтаў з расійскімі Су-24, якія некалькі разоў праляцелі на нізкай вышыні побач з эсмінцам. Адзін з манеўраў прызналі небяспечным, паколькі ў той момант на борце карабля адбывалася запраўка верталёта.

12 красавіка расійскі верталёт Ка-27 здзейсніў некалькі кругоў вакол "Дональда Кука". Іх таксама прызналі небяспечнымі. Праз 40 хвілін два Су-24 адзінаццаць разоў праляцелі каля эсмінца на нізкай вышыні. На запыты на рускай і англійскай мовах экіпажы бамбардзіроўшчыкаў не адрэагавалі, інфармуе meduza.io.

Еўрапейскае камандаванне ўзброеных сіл ЗША заявіла, што "гэтыя дзеянні могуць неапраўдана ўзмацніць супярэчнасці паміж краінамі", і маглі стаць прычынай сур'ёзнага здарэння.