З'явіўся новы фотаробат, у Мінску затрымліваюць мужчынаў з бародкай

У Мінску затрымліваюць мужчынаў з бародкай. Нібыта, у праваахоўных органаў з'явіўся новы фотаробат. Яшчэ ўчора падазроны меў "вельмі тлусты твар", паголеную галаву, касыя вочы, вусоў ці барады ў яго не было. Аднак сёння сітуацыя змянілася.
Мінская мастачка Ніка Сандрос паведаміла Еўрарадыё, што раніцай у чацвер ў мінскім метро быў затрыманы яе знаёмы - Ігар. У міліцыі ён прасядзеў 4 гадзіны.

Ніка Сандрос: "Ён расказваў, што ён ехаў у метро і яго затрымалі. Таму што, у адпаведнасці з фотаробатам, падазроны - гэта малады, хударлявы чалавек з невялікай бародкай. Яго проста праверылі і адпусцілі".

Паводле словаў Нікі Сандрос, у Ігара ўзялі адбіткі пальцаў. Яму пашанцавала - у ноч з 3 на 4 ліпеня ён быў на тэрыторыі Украіны. А вось рэдактар нейкага часопіса, "малады хлопец з бародкай", яшчэ заставаўся ў пастарунку. Ён кажа, што ў ноч выбуху спаў дома і цяпер правяраецца яго алібі.