9 гадоў таму знік былы міністр унутраных спраў Беларусі Юры Захаранка

Роўна 9 гадоў таму, 7 траўня 1999 года, знік былы міністр унутраных спраў Беларусі, а потым апазіцыйны палітык Юры Захаранка. Праваабаронцы лічаць, што ён быў выкрадзены па палітычных матывах. 8 красавіка гэтага года пракуратура Мінску ў чарговы раз на тры месяцы працягнула расследаванне крымінальнай справы аб знікненні былога кіраўніка МУС. Праваабронца Алег Волчак у каментары БелаПАН адзначыў, што тэрмін даўнасці па такіх справах — 25 гадоў.

Моладзевая арганізацыя Аб'яднанай грамадзянскай партыі "Маладыя дэмакраты" пачала збор подпісаў за ўсталяванне мемарыяльнай шыльды ў памяць пра Юрыя Захаранку.

Сям'я Юрыя Захаранкі — жонка, дзве дачкі і ўнукі -—вось ужо некалькі гадоў жывуць у Нямеччыне, дзе атрымалі палітычны прытулак.