Аляксандр Рар: Многія еўрапейскія палітыкі цяпер вельмі ўдзячныя Лукашэнку

Улады Беларусі высвятляюць, хто можа аказаць большую дапамогу ў цяперашні цяжкі час - Расія ці Еўрасаюз. На падставе гэтага і будуецца стратэгія афіцыйнага Мінску. Такое меркаванне ў інтэрв'ю "Народнай газеце" выказаў вядомы палітолаг і сябра рады па знешняй палітыцы Нямеччыны Аляксандр Рар.  "Уся Еўропа хоча супрацоўнічаць з Беларуссю", - лічыць Рар. Ён перакананы, што ў чэрвені Аляксандра Лукашэнку запросяць на еўрасаміт у Прагу.

Таксама палітолаг прагназуе толькі часовае зняццё санкцый Еўрасаюзам і не выключае, што Еўропа можа запатрабаваць ад Мінску новых саступак. У той жа час, Рар адзначае, што "многія еўрапейскія палітыкі цяпер вельмі ўдзячныя Аляксандру Лукашэнку, паколькі Беларусь у цяжкі момант, калі частка Еўропы замярзала, не стала гуляць у манапаліста на транзіт расійскага газу, як гэта зрабіла Ўкраіна".

Праз нашу краіну ў ЕС у час расійска-ўкраінскага газавага крызісу было пракачана дадатковае паліва. "Гэты момант быў успрыняты вельмі станоўча ў Еўропе і зблізіў хутчэй Еўропу і Беларусь, чым Еўропу і Ўкраіну, якая даволі рэзка аддалілася ад ЕС".

На думку нямецкага палітолага, беларускім элітам і беларускаму народу варта настройвацца на тое, што "дарога ў будучыню ляжыць праз еўрапеізацыю Беларусі".