Аляксандр Рар: Расіі нявыгадна, каб у Беларусі змяніўся рэжым

На думку нямецкага эксперта, “газавыя баданні” могуць працягнуцца да таго часу, пакуль Беларусь не ўступіць у Мытны саюз. Расія не захоча абвастраць сітуацыю да такой ступені, каб гэта прывяло да змены рэжыму ў Беларусі. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказаў эксперт Нямецкага таварыства знешняй палітыкі Аляксандр Рар.

Аляксандр Рар: “Я не думаю, што Расіі выгадна казаць пра змену рэжыму ў Беларусі. Калі ў Беларусі прыйдуць да ўлады абсалютна празаходнія сілы, якія будуць, як гэта зараз адбываецца ў Сербіі альбо Малдове, цягнуць краіну ў Еўрапейскі Саюз, то Расія больш прайграе, чым выйграе. Проста Пуціну і Мядзведзеву надакучыў пастаянны гандаль наконт, як ім падаецца, дробязей. Яны хочуць дамовіцца пра новую рэінтэграцыйную мадэль”.

На думку эксперта, прычына “газавай вайны” — у Мытным саюзе, які Беларусь пакуль ігнаруе.

Аляксандр Рар: “Я думаю, Расія хоча, каб Беларусь як мага хутчэй падключалася да Мытнага саюза. І ніякіх паслабленняў у выглядзе больш таннага газу яна не хоча, пакуль Беларусь не ўступіць у Мытны саюз, які з’яўляецца нейкім такім рэінтаграцыйным механізмам для мадэлі, якую Расія цяпер устанаўлівае. Думаю, што Расію моцна злуе тое, што з Казахстанам многія рэчы атрымліваюцца, нават з Украінай ідуць нейкія формы інтэграцыі ў эканамічным плане, а з Беларуссю — таптанне на месцы”.

Таму, кажа, “газавыя баданні” будуць працягвацца да таго часу, пакуль Беларусь не пацвердзіць свой уваход у Мытны саюз і падтрымку ўсіх яго пачынанняў.

Праўда, найхутчэйшае станоўчае вырашэнне сітуацыі ўскладняецца тым, што цяпер у Еўропе газу хапае — туды трапляе “блакітнае паліва” з Катара, ад якога адмовіліся ЗША. І еўрапейцы пачалі задумвацца пра тое, што Расія вельмі шмат бярэ з іх за свой газ.

Аляксандр Рар:
“Еўрапейцы цяпер лічаць, што цэны павінны пайсці ўніз, што яны неапраўдана высокія. Ідзе барацьба за тое, каб устанавіць у Еўропе свабодны газавы рынак, які існуе ў выпадку з нафтай. І тады цэны сапраўды будуць рэгулявацца інакш, чым цяпер. У прынцыпе, тэндэнцыя ідзе да таго, што Еўропа будзе спрабаваць зрабіць сябе незалежнай ад “газпрамаўскага” газу. З тым, каб “Газпрам” не мог навязваць высокія газавыя цэны. Асабліва ў такой сітуацыі, як цяпер, калі Еўропе так шмат газу не трэба”.

На думку Аляксандра Рара, Еўропу зусім не палохае варыянт, калі Беларусь перакрые транзіт расійскага газу. Галоўнай краінай-транзіцёрам для Еўропы з’яўляецца Ўкраіна — праз нашую краіну ідзе не так і шмат газу. Але калі такое адбудзецца, і транзіт скароціцца, то гэта будзе граць на руку “Газпраму” і тым лабістам праекту “Нордстрым” у Еўропе, якія выступаюць за хутчэйшае будаўніцтва газаправода па дне Балтыйскага мора.

І таму, лічыць нямецкі эксперт, прэзідэнт Беларусі павінен вырашыць — з якімі партнёрамі ў энергетычнай галіне краіны будзе ў далейшым працаваць.

Аляксандр Рар: “Аляксандр Лукашэнка павінен прыняць рашэнне — з кім, з якімі канцэрнамі працаваць у энергетычнай сферы. З расійскімі — а ён не жадае бачыць шмат алігархаў у сваёй краіне, альбо з заходнімі канцэрнамі. Але для заходніх канцэрнаў трэба было апошнія тры гады ствараць адпаведныя ўмовы, якіх таксама няма”.

Найхутчэй, кажа, дамоўленасць будзе хутка дасягнутая: Беларусь заплаціць запазычанасць — і “газавая вайна” спыніцца. Выбары не за гарамі, ствараць лішнія праблемы прэзідэнту нявыгадна.