Бабруйскага крымінальнага "аўтарытэта", затрыманага ў Маскве, адпусцілі

Крымінальнага аўтарытэта Ўладзіміра Бірукова, аб'яўленага беларускімі праваахоўнікамі ў міжнародны вышук, маскоўская пракуратура адпусціла з-пад варты.
Сваё рашэнне расійскі бок растлумачыў тым, што крымінальны "аўтарытэт" Біра з'яўляецца грамадзянінам Расіі, а крымінальная справа супраць яго распачата ў Беларусі і ў міжнародны вышук яго абвясцілі беларускія праваахоўныя органы.

Калі матэрыялы крымінальнай справы трапяць у Маскву, расійскі бок вывучыць іх і прыме рашэнне аб тым, каб або накіраваць справу ў суд, або яе спыніць.

Па словах беларускіх праваахоўнікаў, матэрыялы крымінальнай справы Біры складаюць некалькі дзясяткаў тамоў, інфармуе “Інтэрфакс”.

Нагадаем, Уладзімір Бірукоў быў затрыманы ў Маскве 19 лютага. Ён знаходзіўся ў вышуку па ініцыятыве Беларусі за легалізацыю злачынных прыбыткаў, ухіленне ад падаткаў, махлярства і вымагальніцтва.