Беларус упершыню атрымаў адтэрміноўку ад войска з-за гомасексуальнасці

Рэдактар беларускага сайта Gay.by не будзе прызваны на тэрміновую службу ў войска. Рашэнне аб адтэрміноўцы было прынята Мазырскім ваенкаматам у сувязі з тым, што прызыўнік заявіў аб сваёй гомасексуальнасці.
"Па заканадаўстве Вы прыдатныя да ваеннай службы і будзеце занесеныя ў спіс прызыўнікоў, аднак, мы ставім адзнаку, што Вы не можаце праходзіць тэрміновую службу ў войску, на падставе Вашага ладу жыцця" — так пракаментавалі ў ваенкамаце рашэнне аб адтэрміноўцы.

Як адзначае сайт Gay.by, у большасці выпадкаў, калі прызыўнік заяўляе аб сваёй нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі, пры праходжанні медыцынскай камісіі ў ваенкамаце яму ставіцца псіхіятрычны дыягназ, які забараняе службу ў войску.

Гэты ж выпадак, калі камісарыят даў адтэрміноўку з-за нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі, стаў першым у гісторыі Беларусі.