"Беларусы Швецыі" запатрабавалі вызвалення ўсіх затрыманых 19 снежня

Арганізацыя "Беларусы Швецыі" запатрабавала вызвалення ўсіх затрыманых у Мінску 19 снежня, паведамляе БелаПАН.

У пісьме на імя пасла Беларусі ў Стакгольме Андрэя Грынкевіча гаворыцца, што аб'яднанне "выказвае заклапочанасць развіццём палітычнай сітуацыі ў Беларусі і рашуча пратэстуе супраць масавых рэпрэсій, разгорнутых беларускімі ўладамі супраць грамадзян".

"Беларусы Швецыі патрабуюць неадкладна спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх арыштаваных у сувязі з падзеямі 19 снежня", — падкрэсліваецца ў пісьме.

Арганізацыя таксама адзначае, што вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, "а таксама спосаб і метад падліку галасоў" выбаршчыкаў "выклікалі крытыку з боку міжнароднай грамадскасці і абурэнне значнай часткі грамадзян Беларусі".