Чэхія дапаможа ў справе зніжэння кошту шэнгенскай візы для беларусаў

Чэхія прыкладзе ўсе намаганні ў справе зніжэння кошту шэнгенскай візы для беларусаў - ад сённяшніх 60 еўра да максімум 35 еўра. Пра гэта піша намеснік старшыні чэшскага ўраду па еўрапейскіх пытаннях Аляксандр Вондра ў сваім лісце да Яна Румла, кіраўніка арганізацыі "Грамадзянская Беларусь" (Чэхія).  "Я перакананы, што грамадзяне Беларусі не павінны быць пакараныя за рэжым, у якім жывуць, і ў інтарэсах падтрымкі дэмакратыі ў краіне варта зважаць на асаблівасці дадзенай краіны", - мяркуе спадар Аляксандр Вондра.

У лісце таксама адзначаецца, што зніжэнне кошту шэнгенскіх візаў для беларускіх грамадзянаў "несумненна з'яўляецца прыдатнай тэмай не толькі з гледзішча скасавання бар'ераў у Еўропе, але таксама і ў інтарэсах падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі".

Намеснік старшыні чэшскага ўраду падкрэсліў, што Чэхія будзе прыкладаць намаганні ў гэтай справе не толькі ў час свайго старшынства ў Радзе Еўрасаюза (яно пачынаецца ад пачатку 2009-га), але і пасля яго.