Дайверы ўсё ж паднялі верталёт са дна ўнікальнага возера Рудакова

Цяпер скандальны Мі-2 чакае экспертыза Мінпрыроды.
1 чэрвеня дайверы дасталі са дна ўнікальнага возера Рудакова затоплены імі на пачатку вясны фюзеляж верталёта Мі-2. Пра гэта Еўрарадыё распавёў старшыня Беларускай федэрацыі падводнага спорту Сяргей Патрыкееў.

Сяргей Патрыкееў:
“Займаліся пад’ёмам вадалазы-аматары, дайверы, так скажам. І прафесіяналаў некалькі вадалазаў было, дапамагалі. Забяспечвалі, так бы мовіць, гэты пад’ём. А зачапленне верталёта, усе падводныя працы праводзіў у асноўным Карцаў Алег”.

Фюзеляж перавезлі на прысядзібны ўчастак аднаго з дайвераў. І ён там будзе знаходзіцца да таго часу, пакуль Мінпрыроды альбо не дасць згоду, каб пасля адпаведнай экспертызы затапіць яго наноў, альбо канчаткова не забароніць нешта тапіць ва ўнікальным возеры. Адпаведны ліст ад Федэрацыі з просьбай прызначыць такую экспертызу ўжо некалькі тыдняў ляжыць у міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Сяргей Патрыкееў: “Рашэнне аб затапленні верталёта было прынята на нарадзе, якую праводзіў Ломаць (кіраўнік Камітэта дзяржкантролю. – Аўт.). Гэтае затапленне адбылося са згоды адміністрацыі раёна, Нацыянальнага парка і, увогуле, з іх вялікага жадання. Былі два дазволы пісьмовыя Мінпрыроды, што гэта можна рабіць. Гэтую ідэю падтрымаў МНС – гэта будзе палігонам і для іх. І мы паставілі пытанне наконт таго, каб правесці даследаванні на экалагічную бяспеку тых матэрыялаў, з якіх ён зроблены”.

Далей вырашаць пытанне аб правядзенні экспертызы фюзеляжа верталёта і ўвогуле стварэння падводнага парка на дне возера Рудакова будуць, кажа Патрыкееў, адміністрацыя Нарачанскага парка і Мінпрыроды. Але паколькі адмаўляцца ад стварэння на беразе менавіта гэтага возера дайвер-цэнтра ні Адміністрацыя парка, ні Федэрацыя падводнага спорту не збіраюцца, то справа ўчорашняй падводнай аперацыяй не скончыцца.

Чытайце таксама:

Верталёт са дна ўнікальнага возера так і не дасталі


У Беларусі са скандалам пачалі будаваць першы цэнтр дайвінга

Скандальны верталёт падымуць са дна возера, а потым ізноў затопяць?