Еўрадэпутат пазбавіўся імунітэту праз падазрэнні ў шпіянажы на карысць Расіі
14 кастрычніка Еўрапарламент пазбавіў дэпутацкай недатыкальнасці Белу Ковача — прадстаўніка венгерскай ультраправай партыі "Ёбік". Паводле інфармацыі Deutsche Welle, 55-гадовага палітыка падазраюць у шпіянажы супраць інстытутаў ЕС на карысць Расіі.
Абвінавачванні на адрас Ковача апублікавала венгерская праўладная газета ў траўні 2014 года, незадоўга да выбараў у Еўрапарламент. Пракуратура Венгрыі заяўляе, што палітык кантактуе з расійскімі спецслужбамі з 2010 года. Ковач часта наведвае Маскву. Акрамя таго, ён быў назіральнікам на так званым рэферэндуме ў анэксаваным Крыме. Сам венгерскі палітык адмаўляе абвінавачванні на свой адрас.
Рашэнне Еўрапарламента дазваляе правесці афіцыйнае расследаванне супраць Ковача. Калі яго віна будзе даказаная, яму пагражае ад двух да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
Фота: Reuters