Фотафакт: Выбарчая камісія "пазбавіла" кандыдатку вышэйшай адукацыі

Заўважаны ён быў на ўчастку для галасавання №17. На стэндзе паведамлялася, што незалежная кандыдатка, якая працуе настаўніцай музыкі, скончыла ўсяго толькі сярэдне-спецыяльную ўстанову.



У каментары Еўрарадыё Валянціна Мальцава паведаміла, што, каб высветліць спрэчную сітуацыю з наяўнасцю дыплома, яна звярнулася ў выбарчую камісію.



Мальцава: "Мне патэлефанавала сакратар гэтай камісіі і паведаміла, што яна вельмі выбачаецца за тое, што так адбылося. Яна прачытала "Брэсцкі музычны каледж" (месца працы Мальцавай — Еўрарадыё) і напісала, што сярэдняя ў мяне адукацыя. Кажа, што гэта яе памылка і прасіла не злавацца. Яны тэрмінова падалі інфармацыю ў друкарню і пераробяць гэта".



Аднак сябры ініцыятыўнай групы Валянціны Мальцавай сумняюцца ў "тэхнічнай памылцы". Яны ўпэўнены, што ўзровень адукацыі быў заменены спецыяльна "з мэтай зніжэння ацэнкі выбаршчыкамі якасцяў кандыдата". Тым больш, што гэта не адзіны выпадак. Як паведамляла Еўрарадыё, у Магілёве ідэолагі адцэнзуравалі біяграфічныя звесткі кандыдата ў дэпутаты.