Генпракурор патрабуе крымінальнай адказнасці за нявыплату штрафаў

Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч выступае за ўвядзенне крымінальнай адказнасці грамадзян-даўжнікоў пры невыкананні імі судовых рашэнняў. На думку пракуратуры, працаздольныя даўжнікі знарок не жадаюць працаўладкоўвацца ў афіцыйным парадку, каб не выплачваць пазыкі ды штрафы. Звычайна ў іх адсутнічае таксама маёмасць і грашовыя сродкі.

Таму па даручэнні генпракурора Беларусі падрыхтаваны праект закона аб унясенні зменаў у Крымінальны кодэкс Беларусі. Яны прадугледжваюць крымінальную адказнасць за невыкананне судовых рашэнняў не толькі службовымі асобамі (што ўжо ёсць у Крымінальным кодэксе цяпер), але і грамадзянамі-даўжнікамі.

Як лічыць генпракурор Беларусі, у такіх асоб неабходна таксама патрабаваць дэкларацыі аб прыбытках, каб высветліць, на якія сродкі яны існуюць.

БЕЛТА