Каб трапіць у турму, жыхар Міханавічаў зладзіў пагром на вакзале

Прыехаўшы на сталічны чыгуначны вакзал, 31-гадовы жыхар Міханавічаў распавёў супрацоўніку фотацэнтра пра сваё жаданне... апынуцца ў турме. Неўзабаве высветлілася, што ён не жартаваў. Мужчына пачаў граміць маёмасць фотацэнтра: разбіў вітрыну, перакуліў і зламаў два маніторы. У выніку шкода ад пагрому склала больш за 600 тыс. рублёў.

Затрыманы міліцыяй зламыснік, які меў тры судзімасці, цалкам прызнаў сваю віну, патлумачыўшы свой учынак жаданнем трапіць у турму. Паводле яго слоў, там яму падабаецца больш, чым дома.

Гэтае ягонае жаданне бліжэйшым часам спраўдзіцца: хулігану пагражае да трох гадоў зняволення па крымінальнай справе, распачатай Мінскім АУС на транспарце, перадае агенцтва "Мінск-навіны".