Каля Мінску міліцыянты затрымалі прадпрымальнікаў, якія ехалі на мітынг

Сёння раніцай на трасе па дарозе ў Мінск міліцыянты затрымалі актывістаў прадпрымальніцкага руху Віктара Крываля, а таксама Аляксандра Цацуру з сынам і жонкай.
Яны збіраліся прыняць удзел у мітынгу прадпрымальнікаў, які ўжо пачаўся на Кастрычніцкай плошчы. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў Аляксандр Цацура, які на дадзены момант разам з астатнімі знаходзіцца ў міліцыі Мінскага раёна.

“Спачатку нас спынілі супрацоўнікі ДАІ, нібыта я ехаў па другой паласе. Аднак я правілаў не парушаў. Яны загадалі праехаць у аддзел, я адмовіўся. Яны забралі дакументы і пачалі пісаць. Мы зразумелі, што гэта надоўга, зачынілі машыну і сказалі, што пойдзем пешшу. Так і зрабілі. Тады яны выклікалі міліцыянтаў. Яны нас дагналі, пасадзілі ў машыну і прывезлі ў аддзяленне”.