Кандыдата ў дэпутаты звінавацяць у згвалтаванні і продажы наркотыкаў?
Супраць кандыдата ў дэпутаты Алеся Зарэмбюка спецслужбы рыхтуюць правакацыі. Па словах Зарэмбюка, на яго хочуць пачаць крымінальныя справы, каб зняць з выбарчай кампаніі. Зарэмбюк балатуецца ў Гродзенскі абласны і Мастоўскі раённы Савет дэпутатаў. "Як мне стала вядома, акурат пасля маёй рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты ў Масты прыехалі супрацоўнікі КДБ з Гродна. Яны пачалі выклікаць людзей на неафіцыйныя размовы. Усё адбываецца без позваў, людзям проста звоняць і пад рознай нагодай выклікаюць паразмаўляць. Сустрэчы праходзяць у пракуратуры раёна на вуліцы Савецкая, 15 у Мастах. Таксама размовы адбываюцца на месцы працы тых, з кім супрацоўнікі КДБ сустракаюцца. Адной дзяўчыне пагражаюць звальненнем з працы і іншымі праблемамі, калі яна не падпіша заяву аб тым, што я яе згвалціў. З іншых людзей літаральна выбіваюць пісьмовыя "сведчанні" аб тым, што я нібыта маю дачыненне да продажу і ўжывання наркотыкаў. Я дакладна ведаю, што гэтыя дзеянні спецслужбаў супраць мяне звязаныя з маім актыўным удзелам у выбарах", — заявіў Алесь Зарэмбюк.