Кіраўніцтва Польшчы абмяркоўвае сітуацыю з Саюзам палякаў у Беларусі

15 лютага прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі абмяркоўвае з міністрам замежных справаў Радаславам Сікорскім сітуацыю вакол Саюза палякаў у Беларусі (СПБ). Як паведамляе БелаПАН, па выніках плануецца брыфінг. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, на цяперашні час у МЗС Польшчы адбываецца тэрміновая нарада ў сувязі з апошнімі падзеямі вакол СПБ.

Нагадаем, сёння раніцай затрыманае кіраўніцтва неафіцыйнага СПБ на чале з Анжалікай Борыс. Некаторыя актывісты саюза (напрыклад, Ігар Банцар і Мечыслаў Яскевіч) ужо асуджаныя на пяць сутак арышту за арганізацыю несанкцыяванага мітынгу ў Гродне 10 лютага. Акцыя ладзілася ў падтрымку івянецкай філіі СПБ і яе кіраўніка Тэрэсы Собаль, якую вінавацяць у захопе Дома польскага ў Івянцы.

Чакае суда і Анжаліка Борыс, якая на гэтым тыдні планавала наведаць Варшаву на запрашэнне Качыньскага.

Каментуючы сітуацыю з затрыманнем кіраўніцтва неафіцыйнага СПБ, прэс-сакратар польскай амбасады ў Мінску Павел Марчук адзначыў: "Калі ўсё гэта адбываецца праз два дні пасля сустрэчы міністраў замежных справаў, гэта і ёсць адказ на мінулыя перамовы".