Манаеў: Апазіцыя перабольшвае значнасць еўрапейскіх каштоўнасцяў

Беларускай апазіцыі не варта пераацэньваць значэнне еўрапейскіх каштоўнасцяў для беларусаў. Такую заяву зрабіў кіраўнік Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) Алег Манаеў, выступаючы 10 кастрычніка ў Мінску на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "ЕС—Беларусь: контуры партнёрства". Па ягоных словах, апазіцыі трэба разумець, што грамадская думка — гэта складаны феномен, які трэба сур'ёзна вывучаць, а не рабіць хуткія высновы. У прыватнасці, сказаў ён, асцярожна трэба ставіцца і да "сімвалічнай сенсацыі, якую прынеслі вынікі апытання НІСЭПД у верасні". Так, упершыню за доўгі час лік прыхільнікаў еўрапейскага выбару перавысіла лік прыхільнікаў расійскага выбару (42,% супраць 38,3%).

Па звестках БелаПАН, Манаеў паведаміў, што даволі вялікай застаецца колькасць прыхільнікаў аб'яднання з Расіяй — 39,1%. Па ягоных словах, беларускай апазіцыі не варта лічыць, што яна дамаглася вялікіх поспехаў у прапагандзе еўрапейскіх каштоўнасцяў. Так, 53,3% апытаных лічаць, што краіна цяпер развіваецца "ў правільным напрамку", і звязваюць паляпшэнне адносін з Еўропай менавіта з дзейнасцю ўладаў.

Кіраўнік НІСЭПД таксама лічыць, што на будучых выбарах большасць будзе галасаваць за таго, хто палепшыць адносіны як з Еўропай, так і з Расіяй, а не з адным з гэтых бакоў.